“Павел VI і Жак Марытэн” – выстава ў Ватыканскіх музеях
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Выстава, падрыхтаваная Міколь Форці, куратарам Калекцыі сучаснага мастацтва Ватыканскіх музеяў, размясцілася ў залах Вежы Борджыа – паміж Станцамі Рафаэля і Сікстынскай капэлай.
Культурна-духоўная падзея прымеркавана да шэрагу важных гадавін: 80-годдзя з часу прызначэння Жака Марытэна паслом Францыі пры Апостальскай Сталіцы, 60-годдзя з моманту заканчэння Другога Ватыканскага Сабору і 50-годдзя Калекцыі сучаснага рэлігійнага мастацтва Ватыканскіх музеяў, стварэнне якой ініцыяваў Папа Павел VI у чэрвені 1973 года.
У цэнтры экспазіцыі – асоба Жака Марытэна (1882-1973), выбітнага французскага філосафа і каталіцкага мысліцеля. У 1945-1948 гадах, па прызначэнні генерала Шарля дэ Голя, ён прадстаўляў Францыю пры Святым Пасадзе, і менавіта ў гэты перыяд узмацнілася яго сяброўства з Джавані Батыстам Мантыні – будучым Папам Паўлам VI, з якім ён пазнаёміўся яшчэ ў парыжскія часы 1920-х гадоў.
Марытэн і яго неатамісцкія ідэі адыгралі важную ролю ў фарміраванні мыслення, якое падрыхтавала глебу для Другога Ватыканскага Сабору, асабліва ў аспектах узаемасувязі веры і мастацтва, рэлігіі і культуры.
Разам са сваёй жонкай Раісай (у дзявоцтве Уманцова), Марытэн прайшоў глыбокі духоўны шлях да каталіцтва, які завяршыўся хростам у 1906 годзе. У першай палове ХХ стагоддзя вакол сужонкаў узнікла інтэлектуальнае і духоўнае кола, што аб’ядноўвала філосафаў, касцельных дзеячаў, паэтаў, пісьменнікаў і мастакоў.
Марытэны сабралі багатую калекцыю мастацкіх твораў; некаторыя з іх, падараваныя філосафам Паўлу VI, апынуліся ў Ватыканскіх музеях. Гэтыя карціны будуць прадстаўлены на выставе разам з творамі аднадумцаў і сяброў Марытэна, якія падтрымалі ініцыятыву Пантыфіка па стварэнні ў Ватыкане калекцыі сучаснага сакральнага мастацтва.
Сярод экспанатаў – працы Марыса Дэні, Эміля Бернара, Джына Северыні, Жоржа Руо – магчыма, любімага мастака Марытэна, Марка Шагала – блізкага сябра Раісы, Анры Матыса і Уільяма Конгдана – амерыканскага мастака, які натхняўся глыбінёй хрысціянскай веры, адкрытай праз кантакт з Марытэнам.
Выстава ўшануе таксама памяць айца Мары-Алена Куцюр’е, даміканіна і аднаго з вядучых прадстаўнікоў рэфарматарскага плыні ў французскім сакральным мастацтве, ідэі якога не заўсёды супадалі з поглядамі Марытэна. Такім чынам экспазіцыя дэманструе адкрытасць Паўла VI да розных плыняў у межах сакральнага мастацтва.