Нунцый у Кіеве расказаў Папу пра боль і надзею Украіны
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Святы Айцец прыняў нунцыя на прыватнай аўдыенцыі ў Ватыкане 6 чэрвеня 2025 года. Пра вынікі сустрэчы ён расказаў у інтэрв’ю Святлане Духовіч з Украінскай рэдакцыі “Vatican News”.
“Для мяне было вельмі важна адчуць сэрца Папы, а таксама падзяліцца сваім досведам, перадусім духоўным, падчас гэтай вайны”, - сказаў арцыбіскуп Кульбокас, падкрэсліўшы, што для яго, як і для Пантыфіка, наймагутнейшай зброяй з’яўляецца малітва.
Гаворка ішла таксама пра некаторыя канкрэтныя пытанні, у тым ліку пра бамбардзіроўкі, якім 6 чэрвеня падвергліся Кіеў, Цярнопаль, Луцк і іншыя гарады, дзе людзі жывуць без сну і свабоды перамяшчэння. Нунцый паведаміў, што ва Украіне ўжо працуюць падземныя школы, а яшчэ 140 цяпер будуецца ў розных частках краіны.
Арцыбіскуп Кульбокас расказаў таксама пра сітуацыю на фронце. “Салдаты, якія гінуць, просяць толькі аднаго – адпушчэння грахоў”, - сказаў папскі дыпламат, падкрэсліваючы важную ролю капеланаў, якія аказваюць не толькі духоўную, але часта і чалавечую, і псіхалагічную дапамогу.
Арцыбіскуп Кульбокас звярнуў увагу на трагічнасць сітуацыі, у якой міжнародная супольнасць няздольная абараніць ні міжнароднае гуманітарнае права, ні міжнароднае права ў цэлым.
“Гэтае разважанне падштурхоўвае нас, падштурхоўвае мяне да іншай высновы: адзіная надзея, якая ў нас ёсць – гэта надзея на Пана. Не на тэарэтычнага Пана, а на Пана, які натхняе на дзеянні, самаадданасць, ахвярнасць, цярплівасць, мужнасць”, - падкрэсліў дыпламат.
Нунцый расказаў, што яму даводзіцца асабіста размаўляць з салдатамі і на ўласныя вочы бачыць іх жаданне ўзрастаць у чалавечнасці. “Яны кажуць: “Калі не хапае грошай, каб аплаціць рэабілітацыю нашых таварышаў, мы ўносім свае грошы – з нашых заробкаў”. Для мяне гэта сведчанне таго, якой павінна быць чалавечнасць: дапамагаць адзін аднаму”, - зазначыў арцыбіскуп Кульбокас, падкрэсліваючы, што заданне Касцёла – “падтрымліваць усё добрае, што існуе, нягледзячы на вайну”.
“Мая сустрэча з Папам Львом XIV адбылася пасля размовы Святога Айца з Прэзідэнтам Украіны, з нагоды cвятой Імшы на пачатку пантыфікату і пасля тэлефоннай размовы з Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі. Палітыкі ва ўсім свеце таксама сведчаць, прынамсі сімвалічнай мовай, пра жаданне падтрымліваць кантакты з Касцёлам, са Святым Айцом у гэтых складаных сітуацыях. Я б сказаў, што гэтыя кантакты яшчэ больш падкрэсліваюць ролю Папы не толькі для Касцёла, але і для ўсяго чалавецтва. І тут я б дадаў: абавязак кожнага католіка ў гэтыя дні – маліцца да Святога Духа: за Касцёл, за Святога Айца, каб патэнцыял Касцёла і Езуса Хрыста прынёс плён, прынёс усе тыя вынікі, якія абяцаў нам Езус Хрыстус, калі мы застанемся вернымі Яго слову”, - сказаў на завяршэнне размовы нунцый.